КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.

Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.

Літ.:

Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.

Кірхгольмская бітва.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)